Театральный сезон-2017 в Новополоцке начался с премьер
Тэатральны сезон-2017 народны тэатр «Время» Цэнтра культуры адкрыў прэм’ерай спектакля па п’есе сучаснай расійскай пісьменніцы Марыі Ладо «Вельмі простая гісторыя». У цэнтры сюжэта каханне маладых Аляксея (Мікіта Бялько) і Дар’і (Ганна Кажамяка).
Галоўная гераіня – цяжарная. Але бацькі закаханых не раздзяляюць радасць хуткага нараджэння немаўляці ў сваіх дзяцей. Канфлікт інтарэсаў падаецца ў пастаноўцы праз прызму погляду тых, каму не знаёмы адмоўныя якасці чалавечай сутнасці: праз светаўспрыманне каня, каровы, свінні, пеўня і сабакі.
Менавіта чыстае, наіўнае разуменне справы хатнімі жывёламі дазваляе гледачу азірнуцца на сябе, убачыць вагу сапраўдных чалавечых каштоўнасцей – дабрыні, спачування, умення зразумець адзін аднаго.
«Гэта гісторыя, над якой можна і пасмяяцца, і засумаваць, і задумацца. Гэта гісторыя пра кожнага з нас. Яна раскрывае сутнасць узаемаадносін у грамадстве. Дае магчымасць зразумець, што знешнасць і словы чалавека могуць нічога не значыць, калі ён не гатовы на сапраўдныя высакародныя ўчынкі», – у размове з карэспандэнтам «НС» расказала рэжысёр і кіраўнік тэатра «Время» Ірына Цярэнцьева.
Нэлі Радзько