На 80-м году жизни перестало биться сердце известного новополоцкого художника Георгия Танковича
1 лістапада на 80-м годзе жыцця перастала біцца сэрца знакамітага беларускага майстра акварэлі, выбітнага наваполацкага мастака Георгія Лявонавіча Танковіча.
Георгій Лявонавіч нарадзіўся 15 студзеня 1946 года ў вёсцы Ярашова Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. У 1969-м скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (зараз – Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П. М. Машэрава). Вучыўся ў такіх знакамітых майстроў, як Валянцін Дзежыц, Іван Сталяроў, Фелікс Гумен, Леанід Анцімонаў.
Да прызыву ў армію працаваў настаўнікам у СШ № 13 г. Полацка. Затым – у групе прамысловай эстэтыкі на хімкамбінаце, Наваполацкім філіяле Віцебскіх мастацкіх майстэрняў. Выставачную дзейнасць пачаў у 1969 годзе, а сябрам Беларускага саюза мастакоў стаў у 1979-м. Удзельнічаў у знакавых праектах творчых аб’яднанняў «Віцебская акварэль» і «Жалезны воўк». З’яўляўся адным з кіраўнікоў наваполацкага клуба аматараў мастацтва «АРТ-ПАРК». Георгій Лявонавіч – аўтар жывапісных палотнаў і манументальных вітражоў у розных дзяржаўных і грамадскіх будынках нашай краіны і замежжа.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Бабруйскім краязнаўчым музеі, Музеі гісторыі і культуры г. Наваполацка, прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Кітаі, Велікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Ізраілі, Італіі, Алжыры. Пейзажы з выявай Сафійскага сабора і Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ўпрыгожваюць залы Полацкай епархіі. Некалькі карцін па спецзаказе Георгій Лявонавіч напісаў спецыяльна для Мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Жыццёвы шлях Георгія Танковіча непарыўна звязаны з Нафтаградам. Тут ён стварыў мноства сапраўдных шэдэўраў. Творчасць гэтага сціплага і далікатнага творцы прыцягвае ўвагу сваёй адметнасцю, шчырасцю. Ён быў прыхільнікам адной з самых складаных тэхнік – пісьма па вільготнай паперы. Віртуозна перадаваў характар і настрой натуры на палатне. У творах мастака ёсць нейкая рамантычная ўзнёсласць, адчуванне лёгкага суму і адначасова кранаючае душу святло. Карціны вылучаюцца стрыманасцю колеру і кампазіцыйных рытмаў, абагульненай пластыкай форм, загадкавай танальнасцю вобразаў.
Георгій Танковіч быў прызнаным майстрам пейзажу з пазнавальнай аўтарскай манерай пісьма. Не меншую ўвагу надаваў партрэту і нацюрморту.
Мастак зрабіў вялікі ўнёсак у захаванне і развіццё рэалістычных традыцый нацыянальнай школы жывапісу. Творчая спадчына Георгія Лявонавіча Танковіча ўваходзіць у залаты фонд нацыянальнага мастацтва і віцебскай школы акварэлі. Памяць пра яго назаўжды застанецца ў нашых сэрцах.
Наваполацкі гарадскі выканаўчы камітэт,
гарадскі Савет дэпутатаў глыбока смуткуюць у сувязі са смерцю Георгія Танковіча і выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім
Прогноз на 2 недели

