В музее истории и культуры города открылась выставка новополоцкой художницы Инны Шипило
У музеі гісторыі і культуры горада да 30 лістапада працуе персанальная выстава «Крылы» наваполацкай мастачкі Іны Шыпіла.
Для настаўніка вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Дзіцячай мастацкай школы імя І. Ф. Хруцкага гэта далёка не першая экспазіцыя. Іна Шыпіла з’яўляецца ўдзельніцай творчых праектаў у Беларусі і Расіі з 1992 года, міжнародных пленэраў – з 2022-га. У 2017 г. яна стала лаўрэатам гарадской прэміі «Прызнанне» і была ўдастоена абласной узнагароды «За педагагічныя дасягненні». Творы новапалачанкі захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях краін СНД, Прыбалтыкі, Германіі і Сербіі.
Наведвальнікаў музея аўтар знаёміць з гульнёй свету на сваіх нацюрмортах, запрашае ў падарожжа па жывапісных мясцінах Віцебшчыны і прасторных краявідах Пскоўшчыны. Работы Іны Пятроўны насычаны па каларыце і ў той жа момант напоўнены паветрам. На адных карцінах яна выкарыстоўвае імпрэсіянальную манеру пісьма, на другіх – натуралістычную, з дакладнай прапрацоўкай дэталяў. Такім чынам майстар пэндзля дорыць гледачам асалоду ад прыгожосці прыроды, а праз яе – магчымасць спасцігаць саміх сябе і адпачываць душой.
Выстава невыпадкова атрымала назву «Крылы». З гэтым звязана цікавая гісторыя. «Недалёка ад старажытнага расійскага Ізборска ёсць археалагічны помнік VII–XVIII стст. – Труварава гарадзішча. Яно размешчана на высокім трохкутным мысе над Гарадзішчанскім возерам. Від адтуль адкрываецца шыкоўны. Пісаць там эцюды – адно задавальненне! На жаль, дажджлівае надвор’е мінулым летам парушыла творчыя планы. Але ўбачанае так усхвалявала сэрца, што я села за мальберт проста ў гасцініцы. За ноч нарадзіліся дзве работы з выявай гарадзішча. Я паставіла палотны побач і ўбачыла, што разам пейзажы ўтвараюць крылы… Так і назвала дыптых, а потым і саму выставу», – у размове з карэспандэнтам «НС» падзялілася мастачка.
Нэлі Радзько
Прогноз на 2 недели


