13 коллекций авангардной одежды продемонстрировали ученики 2-11-х классов гимназии №1 г.Новополоцка на конкурсе «Модная феерия – 2018»
Арт-аб’екты і памятныя мясціны, фантастычныя героі і казачныя персанажы, квяцістыя букеты і прыродныя замалёўкі, нават гарадскія ўстановы і прадпрыемствы, увасобленыя ў касцюмах.
На мінулым тыдні гімназія №1 ператварылася ў пляцоўку смелых эксперыментаў. Традыцыйны конкурс авангарднага адзення «Модная феерыя» сабраў 13 калекцый, выкананых навучэнцамі 2–11-х класаў.
Творчае спаборніцтва экалагічнага накірунку, ініцыятарам якога ў 1996 годзе выступіла на той момант замдырэктара гімназіі Наталля Алданава, праводзіцца рэгулярна.
За мінулы час яно набыло сур’ёзны аўтарытэт сярод дзяцей і іх бацькоў. Кожны стараецца зрабіць свой касцюм дасканалым і незабыўным. Сёлетняя «феерыя» была цалкам прысвечана культурнай сталіцы Беларусі-2018 і 60-гадоваму юбіляру – Наваполацку.
З гісторыяй станаўлення нашага горада гледачоў пазнаёмілі навучэнцы 3 «Г», «Д» і 2 «Д» класаў. Праз лінію аддзення «Фестывальны горад» чацвёртыя «Б» і «Е» класы прадставілі лепшыя наваполацкія культурныя праекты.
«Дзелавы стыль» шостага «А» прадэманстраваў парад найбольш запатрабаваных прафесій Нафтаграда. Вучні 6 «В» падаравалі любімаму гораду «танец лілей». Другі «Б» закрануў у сваёй калекцыі духоўную тэму, 6 «Б» – казачную, восьмыя класы – фантастычную, а дзявятыя і дзясятыя – экалагічную.

У цэнтры – Ганна Папалава
Выступленні абыгрываліся музыкальнымі, харэаграфічнымі і тэатральнымі нумарамі. Удзячная публіка з захапленнем сустракала кожнае дэфіле.
Пераможцамі конкурсу сярод малодшай узроставай катэгорыі стала сумесная калекцыя 2 «В», «А», «Г» класаў «Букет любімаму гораду», у старэйшай – «Сонечны горад», выкананая пяцікласнікамі.
Гран-пры заваявалі дзяўчаты 9-х класаў з калекцыяй «Лепшы горад на зямлі».

Калекцыя «Лепшы горад на зямлі» – Гран-пры «Моднай феерыі – 2018»
Самымі прыгожымі дызайнерскімі работамі прызнаны касцюмы-кветкі Ганны Папалавай (2 «В»), Анастасіі Мацарскай і Дар’і Ткачовай (5 «А»). Усе ўдзельнікі моднага шоу атрымалі салодкія пірагі, прадстаўленыя фондам бацькоўскай салідарнасці гімназіі №1.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота аўтара