Новополоцкому музыкальному колледжу – 50 лет!
Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж. Прычыненнем да гэтай установы адукацыі ганарацца па ўсёй Беларусі і нават у краінах замежжа. Тут рабілі свае першыя крокі ў прафесію шматлікія зоркі беларускай эстрады, артысты тэатраў, ансамбляў, хароў, аркестраў, кіраўнікі лепшых песенных, інструментальных калектываў Наваполацка і вобласці. Сваёй альма-матэр каледж з гонарам называюць больш за тры тысячы спецыялістаў. Многія з іх прыехалі сёння ў Наваполацк, каб павіншаваць любімую ўстанову культуры з паўвекавым юбілеем.
Каледж, тады яшчэ вучылішча, быў заснаваны ў 1968 годзе. Яго першы дырэктар Барыс Палякоў сфармаваў моцны педагагічны калектыў, прыцягнуў у Наваполацк яркіх, адораных музыкантаў з усёй постсавецкай прасторы.
У 1998-м на змену Барысу Пятровічу прыйшоў выдатны кіраўнік, высокапрафесійны педагог і дырыжор Аляксандр Кандрацюк. Пры ім каледж атрымаў сваю сучасную назву. Са сваімі абавязкамі Аляксандр Іванавіч спраўляўся бліскуча. Заўсёды быў строгім, але справядлівым кіраўніком, не баяўся браць на сябе адказнасць у прыняцці важных рашэнняў, гарэў творчасцю і натхняў іншых. З верасня 2018 года абавязкі дырэктара выконвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Молісава.
За час існавання каледж быў двойчы занесены на гарадскую Дошку гонару за выдатныя дасягненні ў галіне культуры (2010, 2012 гг.). Шэсць педагогаў у розныя гады былі ўзнагароджаны гарадской прэміяй за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва «Прызнанне», дванаццаць – маюць нагрудны знак Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», два – нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, чатыры – медаль «За заслугі».
Выкладчык Леанід Маліноўскі ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года горада Наваполацка – 2017», Аляксандр Кандрацюк і Міхаіл Івашкін – «Чалавек года Віцебшчыны», Віктар Малых – Ганаровы грамадзянін горада Наваполацка. Званне «Жанчына года» атрымалі Таісія Цыганкова і Алена Васільева.
Прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» у 2000г. – Людміла Жукава. У 2016-м Міхаілу Івашкіну была аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а восенню гэтага года ўручаны медаль «За працоўныя заслугі».
Прафесійныя выкладчыкі – паспяховыя вучні. Штогод навучэнцы каледжа паступаюць у вядучыя ВНУ краіны, працуюць у сферы культуры і мастацтва па ўсёй Беларусі і замежжа.
Сярод выпускнікоў установы: заслужаныя артысты Беларусі Алена Сола і Міхаіл Ліпчык, заслужаныя артысты Расійскай Федэрацыі Сяргей Дзераза і Валерый Чабурканаў, лепшы акардэаніст свету, пераможца 32-х міжнародных конкурсаў, 14-разовы стыпендыят Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Уладзіслаў Плігаўка, лаўрэат двух дзесяткаў міжнародных конкурсаў, у тым ліку конкурсу імя Ф.Ліста ў Веймары (Германія), Арсеній Садыкаў, майстры сцэны еўрапейскіх тэатраў і філармоній. І гэта толькі некалькі імёнаў, якімі ганарыцца каледж. Штогод у межах творчага праекта «Вяртанне» з канцэртамі ў любімую альма-матэр з радасцю прыязджаюць яго колішнія вучні, якія дасягнулі прызнання ў музычнай сферы.
На базе каледжа дзейнічае 9 навучальных і канцэртных калектываў, якія з’яўляюцца шматразовымі пераможцамі міжнародных, рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў. Аркестр баянаў і акардэонаў носіць ганаровае званне «народны». Сумесна з Полацкім дзяржуніверсітэтам ва ўстанове рэалізуецца ўнікальны праект «Ланч-канцэрт».
Каледж забяспечвае педагагічнымі кадрамі школы мастацтваў рэгіёну і вобласці, захоўвае багатую спадчыну класічнага мастацтва і народных музычных традыцый краіны.
Нэлі РАДЗЬКО
фота з архіва музкаледжа і «НС»