В библиотеке им.Я.Коласа проходит выставка фигурок котов из 60 стран мира. Новополочане могут не только посмотреть её, но и пополнить
Шэсцьсот катоў з 60 краін свету вось ужо месяц ласкава «муркочуць» у бібліятэцы імя Я. Коласа. Адкуль яны тут з’явіліся? З прыватнай калекцыі віцябляніна Дзмітрыя Рыжыка.

Па роду занятку Дзмітрый – турагент з 27-гадовым стажам і папулярны інстаблогер. Сваю «вусатую брыгаду» ён пачаў збіраць 10 гадоў таму, пасля наведвання Чарнагорыі.
– У гэтай краіне ёсць горад катоў – Котар. Іх тут насамрэч шмат. Вузкія завулкі, аркі, карнізы, лесвіцы, дворыкі – такое адчуванне, што ўся інфраструктура спраектавана для камфорту хатніх любімцаў. У сувенірнай лаўцы «Cats of Kotor» можна набыць унікальныя тэматычныя вырабы мясцовых мастакоў.
Я не вытрываў – купіў сабе цішотку і талерку, якія, па сутнасці, і сталі першымі экспанатамі маёй калекцыі. Потым стаў прыглядацца да коцікаў у іншых кропках свету. Хутка ў маёй вандроўнай валізцы пачало «прылятаць» па 5–10 котасувеніраў. Актыўна падключыліся сябры. Нават падаравалі мой партрэт у выглядзе рыжага Базіліа. Неўзабаве сабралася вялізная брыгада. Знаёмыя параілі выстаўляцца. Дэбют састаяўся ў прыватным віцебскім музеі, Наваполацк стаў другім месцам, куды прыехалі мае кацяняткі, – гаворыць Дзмітрый Рыжык.
Экспазіцыя сапраўды ўражвае! Тут сабраны каты з самых розных матэрыялаў. Драўляныя, керамічныя, ласкутныя, шкляныя… Асаблівую цікавасць прадстаўляюць паласаты прыгажун у масцы – адсылка да перыяду панавання пандэміі каранавіруса, і сюрэалістычная кампазіцыя з тэатра-музея Далі, што знаходзіцца ў iспанскім горадзе Фігерасе.
Цікавы факт! Да канца жніўня гэтую дзіўную калекцыю можна не толькі ўбачыць, але і папоўніць. Аматар з радасцю прыме ў дар новую фігурку. Асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць тыя, што выкананы сваімі рукамі. Усе заробленыя ад выставы сродкі будуць пералічаны на рахунак прыюта для бяздомных жывёл Наваполацка.
Нэлі Радзько
фота аўтара
Прогноз на 2 недели



