Лялечнік, філосаф, чарадзей. У праекце «Асоба» размаўляем з кіраўніком народнага тэатра лялек «КапялюШ» Андрэем Рэцікавым

Гапітныя, марыянетачныя, шпянёвыя, пальчаткавыя, трасцявыя, роставыя лялькі. Тэатральныя маскі. Цэлая галерэя народнай аўтэнтыкі. Старыя гадзіннікі, якія даўно прыпынілі свой ход, пагарджаючы хуткаплыннасцю часа… Апынуўшыся ў панстве народнага тэатра лялек «КапялюШ» Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры, трапляеш у нейкі незвычайны свет творчасці і чараўства.

«Сядайце ўтульней, – запрашае прывітальны гаспадар калектыву Андрэй Рэцікаў і з зіхаценнем у вачах дадае: – Зараз будзе магія…». Андрэй Міхайлавіч дастае з верхняй паліцы драўлянай разьбянай шафы пачатку ХХ стагоддзя старэнькі чамаданчык. З ашчаднай клапатлівасцю і далікатнасцю адчыняе яго, скідвае кавалачак мяккай тканіны, што служыць аховай для яго напаўнення, і дастае адтуль сваю прафесійную трупу акцёраў. У кожнага з іх свой вобраз, свая гісторыя, свой выхад…

Andrej Retikov teatr kukol KapjaljuSh (1)

З дзіцячай наіўнасцю цягнуся да лялек і пытаю: «А хто гэта такія?»

– Перад намі героі спектакля «Свет у базарны дзень (Адзін дзень з жыцця Полацкага базару)», прэм’ера якога адбылася ў студзені гэтага года. Вось гэта цыган з цыганкай, станоўчы паліцэйскі, селянін Яська, гараджане, напамаджаны франт без рубля за душой, вялікаасвейская дама, чорт, яўрэй, Бэрка, яго жонка Сара і нейкі начальнік – на сам рэч кіраўнік шлагбаума на базары (а што, работа важная – каму заехаць, каму выехаць…) За аснову ўзяты традыцыйныя беларускія інтэрмедыі, а сюжэт пабудаваны на мясцовым матэрыяле. Гісторыя, у якой задзейнічаны гэтыя героі, здарылася ў пачатку ХХ стагоддзя на Полацкім базары.

Андрэй Міхайлавіч бярэ ў рукі ляльку і на вачах пераўвасабляецца, прымяраючы на сябе розныя вобразы. З лёгкасцю мяняе галасы, выверана водзіць шпяньком. А як жартуе! Сакавітая мова, насычаныя дыялогі. Вось так проста і дасціпна ажывае цэлы пласт народнай культуры і побыту, даўніна становіцца зразумелай, блізкай сучасніку.

Andrej Retikov teatr kukol KapjaljuSh (2)

– Батлейка – унікальная культурная з’ява. Традыцыя інсцэніраваць біблейскія сюжэты з дапамогай лялек зарадзілася ў Італіі, распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе і ўвабрала ў сябе нацыянальныя асаблівасці кожнага народа. На Полаччыне яна была вельмі распаўсюджана. Тэатр лялек існаваў нават пры Езуіцкім калегіуме. Калі да мяне на спектакль прыходзяць дзеці, я ім кажу: «Уявіце, батлейка жыве на Беларусі з XVI стагоддзя. За гэты час яна набыла свае асабістыя рысы, сюжэты, традыцыі. У ёй захавалася мудрасць беларускага народа, тэатральнае мастацтва, наш моўны скарб! Мы павінны ганарыцца гэтым так, як італьянцы сваімі музеямі і святамі марыянетак!»

question (1)За 22 гады творчай дзейнасці вы плённа папрацавалі над тым, каб у Наваполацку была поўная калекцыя батлеечных тэатраў. Напэўна, такога мнагажанравага напаўнення няма нідзе на Віцебшчыне.

– У Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры зараз экспануецца восем батлеек. Кожная зроблена пад асабісты спектакль. На Беларусі найбольш распаўсюджана пяць відаў батлейкі – шпянёвая, марыянетачная, з пальчыкавымі лялькамі, магілёўская, аснаваны на прынцыпах ценявога тэатра «Віцебскі жлоб» (ён быў распаўсюджаны пераважна на тэрыторыі нашай вобласці ў XVIІІ–ХІХ стагоддзях). Дарэчы, апошні экспанат жлоба быў знойдзены ў 1890 годзе, але, на жаль, у час Вялікай Айчыннай вайны загублены. Мне вельмі хацелася яго ўзнавіць. Праца над ім была доўгай, амаль навуковай, але ўсё атрымалася.

Andrej Retikov teatr kukol KapjaljuSh (3)

У студзені 2016 года ў тэлеперадачы «Вечаровы Віцебск» прайшла прэзентацыя рэканструяванага віцебскага жлоба, які мы затым перадалі ў абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Трохі пазней я зрабіў такі ж экспанат і для нашага тэатра «КапялюШ» .

question (1)Багатая калекцыя батлеек, каля 200 разнастайных тэатральных лялек і яшчэ больш творчых перамог. Толькі апошнім часам калектыў пад вашым кіраўніцтвам разбагацеў на дыпломы з Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы» (Мінск), агляду-конкурсу сямейных і самадзейных лялечных тэатраў «КуклоГрад-2017» (Вялікія Лукі, Расія). А на абласным фестывалі-конкурсе аматарскіх лялечных тэатраў «Лялечны свет» «КапялюШ» увогуле мае рэпутацыю непераможнага, чацвёрты год запар атрымліваючы першае месца. У чым сакрэт такога поспеху?

– Трэба проста добра рабіць сваю справу. Я не стаю на месцы, шукаю, чытаю, эксперыментую, прыдумваю. Каб пастаноўка не была плоскай, кардоннай, без асабістых унёскаў не абыдзешся. Трэба глядзець далей, чым гурток лялечнага тэатра. Мець званне народнага тэатра лялек нашмат сур’ёзней. Усе мае сутычкі з удзельнікамі калектыву былі толькі з-за таго, што я настойваў – трэба рабіць выдатна або не рабіць зусім. Вось такая планка.

Andrej Retikov teatr kukol KapjaljuSh (4)

question (1) А як увогуле робіцца спектакль і якія асаблівасці мае менавіта наш наваполацкі тэатр лялек «КапялюШ»?

– Спачатку адаптуем тэкст будучай пастаноўкі, каб сучаснаму гледачу было цікавей. Дзесьці дабаўляем жарты. Усё астатняе – сюжэт, музыкальныя матывы застаюцца тымі ж, што і ў арыгінале. На кожны спектакль робім ад 10 да 20 герояў. Творчы працэс займае некалькі месяцаў. Раней у кожнай маёй новай батлейкі існавала розная сістэма лялек.

Адна з фішак тэатра «КапялюШ» – у бытавых сцэнах удзельнічаюць шпянёвыя марыянеткі.

question (1)На вашы пастаноўкі з задавальненнем прыходзяць і дзеці, і дарослыя. І для кожнага яны зразумелыя, цікавыя. Гэта нейкае чараўство?

– Тэатр лялек сам па сабе – магія. Бывае завітаеш на фестываль, дастанеш якога-небудзь героя з чамадана, і нават самы сур’ёзны глядач пачынае ўсміхацца. Батлейка будзе жыць стагоддзямі, таму што лялька творыць цуды з чалавекам.

Нэлі РАДЗЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Прикрепите файл в формате JPEG