Новополоцкая семья Усович стала победителем областного конкурса семейного творчества «Мир вашему дому!»
Сям’я Усовіч з Наваполацка стала пераможцай абласнога конкурсу сямейнай творчасці «Мір вашаму дому!», што прайшоў у Верхнядзвінску.
Арганізатарамі спаборніцтва сталі ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама і абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Удзел у ім узялі 14 сем’яў з ліку работнікаў творчых сфер Віцебшчыны. Яны прадставілі візітоўкі, відэапрывітанні, выступілі ў вакальных, харэаграфічных, інструментальных, тэатральных жанрах, падрыхтавалі міні-выставы.
Гонар Наваполацка на конкурсе адстойвалі Кацярына і Яраслаў Усовічы з дзеткамі Даніілам і Анастасіяй. Кацярына працуе кіраўніком народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў «Прамень» Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры, выдатна валодае некалькімі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ганчарствам, вышыўкай, спіральным пляценнем з саломкі, ткацтвам. Яраслаў – кіраўнік аматарскага клуба сярэднявечнай рэканструкцыі «Чорны Война» пры ЦРіТК. Старэйшы сын пары Данііл – вучань 2 класа БШ №10, маленькая Насця яшчэ ходзіць у дзіцячы садок №11.
На спаборніцтве сям’я выступіла ў самаробных касцюмах, пашытых на манер моды ХІV – XV стагоддзяў, а ў конкурсных этапах ярка прадставіла ўсе свае шматлікія таленты. Нават прадэманстравала майстар-клас па лепцы з гліны на сцэне канцэртавай залы Верхнядзвінскага цэнтра культуры. Па выніках усіх этапаў журы прызнала новапалачан лепшымі ў намінацыі «Майстравая сям’я».
Нэлі Радзько