Калі адбудзецца праверка здольнасцяў для паступлення ў першы клас мастацкай школы імя І.Ф.Хруцкага
Да канца мая ў выставачнай зале бібліятэкі імя Я.Коласа працуе выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Мастацтва дэталяў». Яе аўтары – навучэнцы дзіцячай мастацкай школы імя І.Ф.Хруцкага.
Экспазіцыя аб’яднала каля 70 работ у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: батык, габелен, валянне, пап’е-машэ, кераміка. Некаторыя ўжо былі адзначаны дыпломамі конкурсаў рознага ўзроўню, другія з’яўляюцца выніковымі праектамі выпускнікоў школы. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць лялькі з самых розных матэрыялаў. Кожны экспанат выставы ўяўляе сабой сапраўдны твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананы з вялікай любоўю да тэхнікі і дэталяў, напоўнены ідэямі і душой аўтараў.
Дарэчы, наваполацкая мастацкая школа прадастаўляе сваім навучэнцам самы шырокі ў вобласці спектр дысцыплін ДПМ. Паспрабаваць сябе ў якасці творцы, пабачыць майстэрні культурнай установы, паўдзельнічаць у майстар-класе ад выкладчыка графікі Валянціны Пылінскай, асвоіць друк гравюры на кардоне можна было на мінулым тыдні. 28 красавіка тут прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, які вызваў сапраўдны ажыятаж. Прыйшло больш за 70 чалавек! А для тых, хто не патрапіў на мерапрыемства, нагадаем, што праверка здольнасцяў для паступлення ў першы клас школы адбудзецца 26 мая, працягваецца і набор у студыі выяўленчага мастацтва на наступны навучальны год.
Нэлі РАДЗЬКО
Читайте также:
Живи, планета: открытие международной экологической выставки-конкурса